МАЛОЧНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
узбуджальнікі малочнакіслага браджэння. Развіваюцца на складаным пажыўным асяроддзі. Трапляюцца ў малацэ і малочных прадуктах, на раслінах і раслінных рэштках, у кішэчніку чалавека і жывёл.
Бясспоравыя грамстаноўчыя палачкі і кокі. Факультатыўныя анаэробы. Гомаферментатыўныя М.б. расшчапляюць цукры пераважна да малочнай к-ты і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кісламалочных прадуктаў, малочнай кіслаты, гетэраферментатыўныя ўтвараюць таксама воцатную к-ту, спірты, эфіры, удзельнічаюць у працэсах сіласавання кармоў, квашанні капусты, выкарыстоўваюцца ў вытв-сці дэкстранаў (для заменнікаў плазмы крыві).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)